Ці патрэбна вашай НДА адукацыйная стратэгія?
Большасць НДА мае адукацыйны альбо асветніцкі накірунак. Выключэнні – тыя ініцыятывы, якія займаюцца экстрэннай дапамогай, якім лепш не прыцягваць да сябе ўвагу. Калі арганізацыя ў выгнанні, то часта адукацыя застаецца амаль што адзіным спосабам заставацца ў кантакце з аўдыторыяй – так можна хаця б распаўсюджваць інфармацыю і веды. Нават калі ў маладой ініцыятывы няма курсаў ці адукацыйных прадуктаў, то на наступным этапе роста гэтая ідэя часцей за ўсё ўзнікае. Бо часта важна не толькі самім рабіць нешта класнае, але і прыцягваць да гэтага іншых праз знешнія падзеі і навучанне.
У гэтай сітуацыі ўзнікае пытанне, ці трэба нам адукацыйная стратэгія? Мо дастаткова агульнага стратэгічнага планавання? Ці ў прынцыпе гэта для нашай арганізацыі лішняе?
Што гэта такое?
Адукацыйная стратэгія апісвае, на якія мэтавыя аўдыторыі арганізацыя хацела б паўплываць, якія змены хочацца сярод гэтых людзей, праз якія прадукты гэта можна зрабіць, як мусіць выглядаць цалкам лінейка прадуктаў і поўны шлях карыстальніка, якія могуць быць індыкатары..
Калі патрэбна адукацыйная стратэгія?
Мы пералічым некалькі індыкатараў, калі стратэгія патрэбна. А потым паразважаем, калі яна хутчэй не патрэбна.
🟪 Вы арыентаваныя на даўгатэрміновыя змены ў паводзінах аўдыторыі. Напрыклад, арганізацыя ў сферы правоў чалавека хоча, каб розныя мэтавыя групы (чыноўнікі, прадстаўнікі сілавых структур, настаўнікі і выкладчыкі, дактары і інш.) не толькі ведалі, што такое правы чалавека, але і маглі будаваць сваю дзейнасць адпаведна гэтаму падыходу. Змены ў паводзінах – гэта доўга, яны часта адбываюцца праз натуральнае ўнутранае супраціўненне. Не таму што людзі дрэнныя і неадукаваныя, а таму што іх папярэдні вопыт быў прынцыпова іншым. У такім выпадку арганізацыя мусіць планаваць як шырокія асветніцкія прадукты, так і больш глыбокія праграмы для лідараў меркаванняў у пэўных сферах (тых жа дактароў ці настаўнікаў). Каб зрабіць гэта, трэба паглядзець на сітуацыю больш стратэгічна, выбудаваць прыблізную лінейку прадуктаў і шлях.
🟪 Ініцыятыва ў стане роста і хоча пашырыць аўдыторыю. Можа, арганізацыя толькі-толькі адкрывае для сябе адукацыйны накірунак. Альбо ён ужо ёсць, але хочацца развівацца далей і пашыраць уплыў. Напрыклад, экалагічная арганізацыя зрабіла некалькі курсаў, наконт якіх была экспертыза ў асноўнай каманды і бліжэйшага кола. Мо яны нават класна прайшлі. Аднак ёсць адчуванне, што хочацца больш, прыцягнуць новых людзей. У гэтым выпадку стратэгія дазваляе разглядзець розныя варыянты роста і сфакусавацца на тых мэтавых групах, якія былі б найбольш лаяльнымі на наступным кроку. Прадумаць ці даследаваць, якія ў іх праблемы і адаптаваць пад гэта лінейку прадуктаў.
🟪 Ёсць некалькі адукацыйных прадуктаў, але яны не настолькі папулярныя, як хацелася б. Часта бывае так, што ініцыятыва робіць якасны, глыбокі курс, а ён цікавы толькі малой колькасці і так лаяльнай аўдыторыі. Напрыклад, фемарганізацыя запускае прадукт пра гісторыю фемінізма, а ён застаецца на задворках. У такім выпадку стратэгічны падыход дазваляе структураваць мэтавыя групы, іх патрэбы, адаптаваць лінейку прадуктаў так, каб там знайшлося нешта крутое і прывабнае і для навічкоў, і для прасунутых. Магчыма, некаторыя курсы ўжо не трэба ствараць (напрыклад, пра тую ж гісторыю) таму, што яны ўжо ёсць у даволі прыстойнай якасці на іншых пляцоўках. А гэтая ініцыятыва можа сканцэнтравацца на больш нішавых прадуктах. Стратэгія дазваляе падсвяціць гэтыя нішы.
🟪 Вы робіце шмат усяго ў навучанні, каманда стамілася. Стомленасць, канешне ж, залежыць не толькі ад адукацыйных прадуктаў. Яна часта ўзнікае ад няправільных працэсаў, разлікаў коштаў, размеркавання абавязкаў. І яшчэ ад ненармальнасці знешняга кантэксту. Аднак неправільна пабудаваная стратэгія запуску прадуктаў прыводзіць да таго, што каманда робіць шмат лішняга, стамляецца, а змены не бачныя. Напрыклад, НДА ў сферы грамадзянскай адукацыі запускае новыя і новыя прадукты, шчыра намагаецца зрабіць лепшае, аднак замест зменаў назапашваецца выгаранне. У такім выпадку стратэгія дазваляе вылучыць ключавыя прадукты і дадатковыя, сканцэнтравацца на паляпшэнні і прасоўванні ключавых. Скараціць ланцужкі зменаў. Не рабіць новыя курсы дзеля новых курсаў.
🟪 Вы хочаце распачаць вялікую праграму. Напрыклад, ініцыятыва хоча запусціць вялікі грантавы праект па медыяадукацыі. Трэба, каб заяўка для донараў была вывераннай, эрганамічнай. У такім выпадку стратэгічны падыход дазваляе зрабіць праект суцэльным, улічыць розныя аўдыторыі. Прадумаць як мікрапрадукты, так і вялікія адукацыйныя праграмы, каб яны былі доўгатэрміновымі, устойлівымі. Каб не скончыліся пасля заканцэння праекта.
🟪 У арганізацыі ў прынцыпе наладжана стратэгічнае планаванне і кіраванне, аднак патрэбна іх аперацыяналізацыя. Напрыклад, моладзевая арганізацыя мае наладжаныя працэсы, добрае бачанне, рэгулярна праводзіць стратсесіі. Нават не дзеля птушачкі, але ж шчыра. Аднак пры гэтым планаванне менавіта адукацыйнага накірунка патрэбуе даволі спецыфічных метадычных навыкаў. Прынамсі разумення, якія ёсць адукацыйныя прадукты і магчымасці, іх абмежаванні, спосабы рэалізацыі. У такім выпадку важны прафесійны знешні позірк непасрэдна спецыялістаў па методыцы, стратэгічным дызайне адукацыйных праграм. Гэта дазваляе аперацыяналізаваць адукацыйны накірунак, спланаваць яго лепш і больш бясшоўна ўпісаць у агульную стратэгію.
Стратэгія патрэбна заўсёды?
Мы пералічылі шэсць кейсаў, якія вельмі распаўсюджаныя для НДА. Ці гэта азначае, што стратэгія патрэбна амаль заўсёды? Не, неабавязкова. Часта адзін-два адукацыйных прадукты можна ствараць са стана эмпатыі да аўдыторыі, уласнага драйва, жадання пратэсціраваць смелую гіпотэзу. Для маладых каманд часта зашмат глыбокі сыход у стратэгічнасць прыводзіць да пабудовы паветраных палацаў, якія так і застаюцца ў марах. У выпадку запуска першых прадуктаў часта хапае смеласці і базавага аналізу аўдыторыі, добрага праектнага падыходу.
Замест высновы
Выпрацоўка адукацыйнай стратэгіі патрабуе час, энергію і шчырасць з самімі сабой. Лепш рабіць адукацыйную стратэгію, калі ёсць знешні чалавек з навыкамі ў методыцы і арганізацыйным кансультаванні, які гатовы трымаць каманду праекта сфакусаванай, лепш скіроўваць ўвагу.
Стратэгія можа быць зашмат рэсурсаёмкай (і таму залішняй) на пэўных этапах, напрыклад, калі ініцыятыва тэсціруе новыя гіпотэзы, запускае першыя прадукты на энергіі стварэння і натхнення. Як толькі прадуктаў становіцца некалькі, каманда сутыкаецца з выгараннем, стратай аўдыторыі альбо хоча расці больш эфектыўна, то інвестыцыя ў стратэгію дазваляе выкарыстоўваць рэсурсы лепш.
Авторы материала: DrivED – это команда методисток, исследователей в образовании и комьюнити-менеджеров, которые помогают НКО выстраивать образовательное направление. Качественно, вдохновляюще и бережно.
Сайт и блог, DrivED – инструменты, мероприятия и статьи про методику создания образовательных продуктов в некоммерческой сфере.