Конкурс грантаў Belarus Beehive 2.0 на стварэнне адукацыйных анлайн курсаў і матэрыялаў

Belarus Beehive 2.0 абвяшчае конкурс грантаў для арганізацый грамадзянскай супольнасці Лот 1 прыярытэт 4. Конкурс падтрымлівае стварэнне адукацыйных анлайн курсаў і матэрыялаў, што сваім зместам мусяць спрыяць узмацненню грамадзянскай супольнасці і дэмакратычным зменам у Беларусі.
Максімальная сума, якая вылучаецца на грант: 60 000 еўра.
Мінімальны памер гранта: 5000 еўра.
Сярэдні рэкамендаваны памер гранта: 40 000 еўра.
Тэрмін падачы: да 28.02.2025 да 23.59 па Мінску.
Адукацыйныя курсы і матэрыялы могуць мець сваімі мэтавымі аўдыторыямі розныя сацыяльныя, прафэсійныя і ўзроставыя групы беларускага грамадства.
Яны могуць ахопліваць шырокае кола тэм, якія садзейнічаюць дасягненню прыярытэтаў праграмы Belarus Beehive, а менавіта:
- захаванне і развіццё дэмакратычных супольнасцяў у Беларусі,
- стварэнне гарызантальных сувязей паміж людзьмі і новых форм грамадзянскага ўзаемадзеяння
- садзейнічанне новым грамадскім дыскурсам і культурным наратывам у беларускім грамадстве,
- падтрымка і распаўсюджванне сацыяльных і тэхналагічных інавацый і лепшых практык,
- развіццё сучаснай свядомасці беларускага грамадства, яго здольнасці да самаарганізацыі і салідарных дзеянняў.
Таксама могуць быць падтрыманы адукацыйныя матэрыялы па пытаннях функцыянавання і арганізацыйнаму развіццю няўрадавых некамерцыйных арганізацый, калі яны закранаюць актуальныя і недастаткова прадстаўленыя ў адукацыйнай прасторы тэмы (напрыклад, прыцягненне сродкаў ад прыватных ці карпаратыўных спонсараў, адвакацыя ў канкрэтным тэматычным сектары, юрыдычныя і фінансавыя рамкі працы НДА у краіне эміграцыі і г.д.).
Важнымі таксама з’яўляюцца курсы па першапачатковай адукацыі актывістаў і ініцыятываў, што толькі прыйшлі ў грамадскую дзейнасць: напрыклад, напісанне і вядзенне праектаў, пабудова працэсаў у НДА, унутраныя і знешнія камунікацыі, праца з валанторамі, стэйкхолдэр мэнэнджмэнт, пабудова метрык і індыкатараў, рызыка мэнэнджмэнт і інш.
Мы асабліва вітаем распрацоўку адукацыйных матэрыялаў на беларускай мове. Праграмы ці курсы, першапачаткова праектаваныя на расейскай ці ангельскай мовах, павінны мець пераклад на беларускую мову.
Адукацыйны курс/праграма павінны распрацоўвацца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і фарматаў анлайн-адукацыі з захаваннем патрабаванняў інтэрактыўнасці і інклюзіўнасці, інфармацыйнай бяспекі.
Магчымыя віды дзейнасці, што падтрымлівае конкурс:
Вытворчасць і развіццё адукацыйных і асветніцкіх матэрыялаў розных фарматаў:
- асінхронныя анлайн-курсы (для самастойнага навучання),
- сінхронныя анлайн курсы (матэрыял якіх, можа быць выкарыстаны выкладчыкамі і трэнерамі),
- Іншыя фарматы: інтэрактыўныя лонгрыды, тэкставыя курсы, дапаможнікі, метадычкі, серыі мульцікаў ці падкастаў, чат-боты, якія важныя для мэтаў грамадзянскай супольнасці і для развіцця арганізацыйнага патэнцыялу грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў і інш.
Праекты таксама павінны прадугледжваць меры па прасоўванню гэтых матэрыялаў, курсаў і праграм.
Адукацыйны курс/праграма не павінны быць камерцыйнымі. Яны мусяць распрацоўвацца з захаваннем аўтарскіх правоў і выкананнем заканадаўства аб аўтарскай уласнасці. Адукацыйны курс/праграма ў перыяд рэалізацыі і заканчэння можа праходзіць незалежны маніторынг якасці, які арганізуецца праграмай Belarus Beehive.
Абавязковай умовай з’яўляецца размяшчэнне аўтарамі распрацаваных курсаў і іншых адукацыйных матэрыялаў на платформе www.learn4belarus.online Пры гэтым аўтары не будуць абмежаваныя ў сваіх правах размяшчаць гэтыя матэрыялы на іншых рэсурсах.
Адукацыйная падтрымка
- Жадаючым прапануем больш даведацца пра конкурс на адмысловай інфасесіі, што адбудзецца 23.01.2025 у 19.00 па Мінску. Рэгістрацыя.
- А таксама наведаць трэнінг па стварэнні якасных адукацыйных курсаў (8-9.02. 2025 афлайн у Вільнюсе) з далейшай ментарскай падтрымкай ад метадыстаў і экспертаў у сферы нефармальнай адукацыі. Больш падробная інфармацыя будзе выкладзена ў бліжэйшы час.
Заяўнікі могуць звярнуцца за кансультацыямі да ментараў праграмы Belarus Beehive, запоўніўшы кароткую форму для пытанняў.