Ініцыятыва “Беларусь у выгнанні”: новы крок да ўмацавання беларускай дэмакратыі за мяжой

Пры падтрымцы German Marshall Fund (GMF) і Асацыяцыі мясцовай дэмакратыі (ALDA) адбыўся запуск ініцыятывы Local Democracy Agency (LDA) Belarus in Exile – “Беларусь у выгнанні”. 

Гэта важны крок на шляху стварэння ўстойлівай платформы для беларусаў за мяжой. Мэты ініцыятывы: умацаванне ролі беларускай дыяспары ў мясцовых дэмакратычных працэсах, развіццё грамадзянскай устойлівасці і адаптацыі да новых умоў жыцця.

У рамках больш шырокай сеткі ALDA, Агенцтвы мясцовай дэмакратыі (LDA) функцыянуюць як мясцовыя платформы, якія спрыяюць дэмакратыі на аснове ўдзелу, развіццю супольнасцей і інклюзіўнаму кіраванню. «Беларусь у выгнанні» імкнецца распаўсюдзіць гэтую мадэль для беларусаў за мяжой — каб падтрымаць іх дэмакратычны ўдзел у краінах, якія іх прымаюць, забяспечыць лепшую інтэграцыю і вывучэнне таго, як функцыянуе мясцовая дэмакратыя.

Прэзентацыя ініцыятывы і дыскусія аб выкліках і патрэбах беларусаў у кантэксце захавання грамадзянскай актыўнасці адбылася ў Вільнюсе.

Вроцлаў, Гданьск, Вільня. Наступны Кракаў

Для сустрэчы Вільнюс быў абраны невыпадкова. Пасля 2020 г. горад стаў цэнтрам для беларускіх актывістаў, праваабаронцаў і грамадзянскіх лідэраў, даўшы ім не толькі бяспечную прастору, але і магчымасць актыўна ўдзельнічаць у дэмакратычных працэсах. Папярэднія сустрэчы ініцыятывы таксама прайшлі ва Ўроцлаве і Гданьску.

Галоўная мэта сустрэчы – умацаваць узаемадзеянне паміж беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, дыяспарай і літоўскімі партнёрамі. “Мы не проста хочам быць лідэрамі ў гэтай сферы – мы хочам быць лідэрамі ў грамадстве”, – адзначыў адзін з удзельнікаў сустрэчы, падкрэсліўшы важнасць калектыўнай адказнасці за будучыню.

Генеральная сакратарка ALDA Антанела Вальмарбіда і дырэктарка EuroBelarus Таццяна Пашавалава прэзентавалі новую ініцыятыву. Таксама былі прадстаўлены вынікі штогадовага аналізу патрэбаў беларускай дыяспары. У фармаце дыскусіі абмеркавалі механізмы падтрымкі грамадзянскай актыўнасці беларусаў у Літве, пытанні інтэграцыі, узаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады і пазітыўны досвед існуючых праграм.

Падтрымка Беларусі – доўгатэрміновая місія ALDA

Асацыяцыя мясцовай дэмакратыі (ALDA) ужо больш за 20 гадоў прасоўвае ідэі грамадзянскага ўдзелу, інклюзіўнага кіравання і развіцця мясцовых супольнасцяў у Еўропе і за яе межамі. Пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі арганізацыя неаднаразова пацвярджала сваю гатоўнасць падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і заставацца надзейным партнёрам.

Новая ініцыятыва падтрымкі адлюстроўвае прыхільнасць ALDA да прынцыпаў партысіпатыўнай дэмакратыі, інклюзіўнага кіравання і развіцця мясцовых супольнасцяў.

У будучыні арганізацыя плануе працягваць супрацоўніцтва, дапамагаючы беларусам захоўваць актыўную пазіцыю і ўплываць на фармаванне дэмакратычнай будучыні, дзе б яны ні знаходзіліся.

Больш падрабязна пра ALDA – на афіцыйным сайце арганізацыі.

Scroll to top