Абвешчаны прыём матэрыялаў на журналісцкі конкурс «Вольнае слова-26»

Конкурс «Вольнае слова» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Да 3 траўня прымаюцца матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў 2025 годзе.
Конкурс «Вольнае слова» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў з мэтай прадэманстраваць і ўганараваць прафесіяналізм аўтараў і аўтарак беларускіх медыя, якія ў сённяшніх складаных абставінах робяць журналістыку найвышэйшага ўзроўню, падтрымаць іх дзейнасць у адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.
На конкурс прымаюцца працы ад беларускіх аўтараў і аўтарак незалежных медыяў. Ад адной асобы на конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў 2025 годзе, альбо цыкл публікацый.
Матэрыялы на конкурс падаюцца аўтарамі з рэкамендацыяй (верыфікацыяй) рэдакцый незалежных медыяў, дзе яны былі апублікаваныя (у форме падачы неабходна пазначыць дадзеныя службовай асобы медыя, якая пацвярджае аўтарства).
Пераможцаў конкурсу вызначыць прафесійнае журы, якое захавае ананімнасць пераможцаў пры іх жаданні, як гэта было ў мінулых гадах.
Намінацыі
- НАЙЛЕПШЫ ІНФАРМАЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ (рэпартаж, інфармацыйнае паведамленне, інтэрв’ю, справаздача).
- НАЙЛЕПШАЯ АНАЛІТЫЧНАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ (артыкул дыскусійнага, аналітычнага, тлумачальнага плана, карэспандэнцыя, рэцэнзія)
- НАЙЛЕПШАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ МАСТАЦКА-ПУБЛІЦЫСТЫЧНАГА ЖАНРУ Ў ЖУРНАЛІСТЫЦЫ (нарыс, эсэ)
- ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДАВАННЕ
