Стварэнне курса: ад праектнай заяўкі да атрымання фінансавання
Ведаеце, у чым нечаканая сувязь? Адукацыйны курс і грантавая заяўка будуюцца на адных і тых жа ключавых элементах і па падобнай логіцы. Калі вы іх разумееце, вы бачыце, з якіх частак складаецца любы праект. І можаце перанесці яго ў любую заяўку — не перапісваючы з нуля.
Мы не дамо адказу, як напісаць грантавую заяўку, якую безумоўна падтрымаюць. Гэта і немагчыма. Аднак мы пакажам, як працаваць адначасова над праектаваннем курса, які вы хацелі б запусціць, і над логікай праектнай заяўкі. Як зэканоміць час і знайсці рэсурсы там, дзе вы іх, магчыма, цяпер пакуль не шукаеце.
Курс для тых, хто хоча ствараць адукацыйныя праграмы з фінансавай падтрымкай, але не ведае, з чаго пачаць. Хто баіцца пісаць заяўкі, таму што не разумее, як апісаць праект на мове грантадаўцаў. Дадаткова разгледзім, што можа быць альтэрнатывай грантрайтынгу і паглядзім, як выкарыстоўваць ШІ для напісання заявак (і як не выкарыстоўваць).
У выніку ў вас будзе прадуманая структура — аснова і для будучага курса, і для заяўкі. Вы не будзеце кожны раз нанава прыдумляць, што пісаць у заяўцы — возьмеце тое, што ўжо ёсць. І будзеце абапірацца на падмурак сваіх ідэй, а не на чужыя шаблоны.
Падрабязнае апісанне курса
Што агульнага ў адукацыйнага курса і грантавай заяўкі? Яны будуюцца на адных і тых жа ключавых элементах. Гэта падмурак. Калі вы ведаеце гэтыя элементы, у вас з'яўляецца парадак дзеянняў, а не хаатычны рух паміж ідэямі. Вы не прапускаеце важныя крокі і можаце праверыць, ці ўсё ў праекце звязана паміж сабой.
А калі вы задумаецеся падацца ў адзін з фондаў — EU, USAID, прыватны, любы іншы — вы пабачыце, што ў аснове грантавай заяўкі ляжаць тыя ж элементы (напрыклад, мэтавая аўдыторыя, мэта праекта, індыкатары). Назвы раздзелаў могуць крыху адрознівацца, але сутнасць адна. І наш курс — пра гэта.
Курс для тых:
- у каго ёсць энергія і жаданне рабіць адукацыйныя праекты, але няма ведаў, з чаго пачаць і як выбудаваць логіку праекта;
- хто баіцца пісаць грантавыя заяўкі, таму што не ведае, як апісаць свой праект, каб яго падтрымалі;
- хто ўжо пісаў заяўкі і хоча лепш разумець, што ўпускае на этапе планавання;
- у каго няма часу на доўгае навучанне — трэба канкрэтна і па справе;
- хто хоча не матывацыі, а працоўнай структуры, і цэніць практычнасць.
Чым гэты курс адрозніваецца ад іншых?
- Мы не даём шаблонаў «устаўце сюды ваш тэкст». Мы разбіраем асноўныя элементы па адным. У кожным модулі — адзін фундаментальны элемент. Без вады, на прыкладах, на тыповых памылках і на кейсах. Мы паказваем, як элемент звязаны з папярэднімі, як убудоўваецца ў агульную карціну і чаму без яго праект губляе логіку. У канцы кожнага модуля мы вывучаем, як гэты элемент апісаць у заяўцы. Каб у вас не было разрыву паміж тым, што вы задумалі, і тым, што пішаце ў заяўцы.
- Мы кажам пра сучасную рэальнасць. Чаму гранты перасталі быць адзінай крыніцай. Чаму ў бюджэце часта не хапае грошай на падпіскі, камісіі і тэхпадтрымку. Чаму фармат можа паўплываць на поспех праекта яшчэ да старту.
- Вы атрымліваеце працоўныя інструменты. Па ходзе курса вы запаўняеце табліцу — у яе паступова збіраюцца вашы адказы. Да фіналу гэта не проста нататкі, а прадуманая структура адукацыйнага праекта, якую можна перанесці ў заяўку або паказаць партнёру. Акрамя табліцы, у вас будуць чэк-лісты: для аналізу мэтавай аўдыторыі, для ўліку схаваных выдаткаў у бюджэце, для праверкі логікі праекта.
Як уладкаваны курс?
- Модуль 1. Уплыў і партнёры — з чаго пачынаецца праект
Пачынаем з пытання: дзеля чаго ўсё гэта? Фармулюем доўгатэрміновыя змены, якія можна праверыць. І заўважаем, што арганізацыі, якія робяць падобнае, могуць быць не канкурэнтамі, а партнёрамі. - Модуль 2. Мэтавая аўдыторыя і што яна пачне рабіць інакш
Разбіраемся, чым актыўнасці адрозніваюцца ад вынікаў навучання. Апісваем мэтавую аўдыторыю не як набор характарыстык, а як людзей з іх абставінамі — часам, доступам да інтэрнэту, занятасцю. - Модуль 3. Фарматы навучання і выбар пад задачу
Выбіраем фармат пад задачу. Заўважаем выдаткі, якія становяцца бачнымі на этапе падрыхтоўкі: тэхпадтрымка, праверка заданняў, падпіскі. - Модуль 4. Рэсурсы, бюджэт і ўстойлівасць — на чым трымаецца праект
Глядзім, на чым праект трымаецца: людзі, час, платформы, грошы. Вучымся заўважаць выдаткі, пра якія часта забываюцца. І разглядаем іншыя крыніцы фінансавання — не замест грантаў, а побач. - Модуль 5. Як сабраць заяўку: логіка і праца са ШІ
Звязваем усё ў адзін лагічны ланцужок. Запоўненая табліца становіцца канвой для новых грантаў. І разбіраемся, дзе ШІ можа дапамагчы, а дзе лепш даверыцца сабе.
Пасля курса вы зможаце сфармуляваць логіку свайго праекта па кроках — ад першага пытання «чаму тут і цяпер» да бюджэту і ўстойлівасці.
- Для навучальнага курса гэта значыць, што ў вас з'явіцца структура, а не набор разрозненых ідэй. Вы будзеце бачыць, ці звязаныя часткі паміж сабой, і зможаце своечасова заўважыць, дзе штосьці прапусцілі.
- Для заяўкі — што вы перастанеце гадаць, што пісаць у кожным раздзеле, і не будзеце перапісваць праект з нуля пад кожнага новага донара.
Вы не атрымаеце чароўную таблетку, якая гарантуе грант. Але вы перастанеце пачынаць кожны раз з чыстага аркуша. І большая частка працы будзе зроблена да таго, як вы адкрылі форму заяўкі.
Вучэбная праграма
- 5 Sections
- 16 Lessons
- 0 м Працягласць
Раздзел 1: Уплыў і партнёры — з чаго пачынаецца праект
- Урок 1. Чаму тут і зараз? Што павінна змяніцца ў жыцці людзей?
- Урок 2. Хто можа дапамагчы праекту адбыцца?
- Урок 3. Як апісаць IMPACT і партнёраў у заяўцы
Раздзел 2. Мэтавая аўдыторыя і што яна пачне рабіць інакш
- Урок 1. Outcomes, Outputs і Activities
- Урок 2. Хто нашы ўдзельні_цы
- Урок 3. Як апісаць OUTCOMES, ACTIVITIES, OUTPUTS і мэтавую аўдыторыю ў заяўцы
Раздзел 3. Фарматы навучання і выбар пад задачу
- Урок 1. Які фармат выбраць і чаму
- Урок 2. Што трэба ўлічыць пры выбары фармату
- Урок 3. Як апісаць фармат праекта ў заяўцы
Раздзел 4. Рэсурсы, бюджэт і ўстойлівасць — на чым трымаецца праект
- Урок 1. INPUTS: на чым трымаецца праект
- Урок 2. Бюджэт, суфінансаванне і альтэрнатывы фінансавання
- Урок 3. Як апісаць каманду, бюджэт і ўстойлівасць праекта ў заяўцы
Раздзел 5. Як сабраць заяўку: логіка і праца са ШІ
- Урок 1. Пяць элементаў як падмурак будучай заяўкі і праекта
- Урок 2. Што яшчэ важна спраектаваць для падачы заяўкі?
- Урок 3. Ваш чарнавік — гэта больш, чым чарнавік
- Урок 4. ШІ як памочнік
