Прыём заявак у Усходнееўрапейскую школу палітычных даследаванняў

Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў (УШПД) сумесна з Радай Еўропы абвяшчае набор на праграму 2026 года. Да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце, як правіла, 18-35 гадоў незалежна ад месца пражывання.

Школа з’яўляецца часткай міжнароднай сеткі Школ палітычных даследаванняў Рады Еўропы – прасторы прафесійнага дыялогу і супрацоўніцтва, што аб’ядноўвае прадстаўнікоў грамадскай, палітычнай, экспертнай і акадэмічнай супольнасцяў больш чым у дваццаці краінах Еўропы і суседніх рэгіёнаў.

На працягу амаль дваццаці гадоў УШПД штогод аб’ядноўвае прадстаўнікоў новага пакалення беларускіх прафесіяналаў і лідараў, якія працягваюць сваю дзейнасць і супрацоўніцтва дзеля будучыні Беларусі ва ўмовах глыбокіх грамадскіх і палітычных зменаў. Удзельнікі праграмы адбіраюцца на конкурснай аснове. 

Пра праграму

Праграма Школы – гэта гадавы адукацыйны і лідарскі досвед, які спалучае акадэмічную экспертызу, практычныя фарматы працы і ўзаемадзеянне ў міждысцыплінарнай групе ўдзельнікаў. У 2026 годзе асноўная ўвага праграмы будзе прысвечана ролі Беларусі ў зменлівым рэгіянальным і міжнародным кантэксце, грамадскім працэсам і канфліктам, а таксама досведу дэмакратычных трансфармацый і рэформаў.

На працягу года ўдзельнікі:

  • аналізуюць ключавыя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя працэсы ў рэгіёне;
  • працуюць з міжнароднымі экспертамі і практыкамі;
  • удзельнічаюць у практычных сімуляцыях і сцэнарным аналізе;
  • распрацоўваюць сумесныя аналітычныя і практычныя праекты;
  • атрымліваюць ментарскую падтрымку ад выпускнікоў Школы; 
  • становяцца часткай міжнароднай сеткі выпускнікоў Рады Еўропы.

УШПД уваходзіць у Асацыяцыю Школ палітычных даследаванняў Рады Еўропы. Дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў – Аляксандр Дабравольскі, Мэнэджар школы – Валянціна Палевікова.

Больш інфармацыі пра Школы палітычных даследаванняў можна знайсці тут

Каляндар УШПД 2026

Навучанне праходзіць у фармаце трох сесій у краінах Еўрапейскага Саюза і міжсесійнай каманднай працы. Завяршальным этапам праграмы з’яўляецца ўдзел у Сусветным форуме за дэмакратыю (World Forum for Democracy) у Страсбургу. Удзельнікі, якія паспяхова завершаць праграму, атрымліваюць дыплом Рады Еўропы.

Да 25 сакавіка: Падача заявак  

Да 5 красавіка: Паведамленне вынікаў адбору

23-25 красавіка: Першая сесія, Вільнюс

28-30 траўня: Другая сесія, Варшава

17-18 верасня: Трэцяя сесія (пра месца правядзення будзе паведамлена пазней)

4-6 лістапада: Сусветны форум за дэмакратыю, Страсбург

Для ўдзелу ў праграме неабходна мець магчымасць наведваць краіны Еўрапейскага Саюза (шэнгенскую візу ці дазвол на пражыванне ў адной з краін ЕС) на ўвесь перыяд навучання. Удзельнікі праграмы аплачваюць арганізацыйны ўнёсак, эквівалентны 100 Еўра, а выдаткі на транспарт, пражыванне і харчаванне аплачваюць арганізатары.

Анкету неабходна падаць да 25 сакавіка 2026 года, 23:59 CET. Пытанні па падачы заяўкі можна дасылаць на адрас: easteuroschool@gmail.com. Інфармацыя пра вынікі адбору будзе даслана да 5 красавіка 2026 года.

Scroll to top