Апублікаваны індэкс ўстойлівасці беларускіх АГС – 2024

Арганізацыя CSO Fusion з гонарaм прадстаўляе 25-е выданне Індэкса ўстойлівасці беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС), у якім адлюстраваны ключавыя тэндэнцыі і змены ў сектары за 2024 год.

Устойлівасць сектара зніжаецца

У 2024 годзе ўстойлівасць сектара беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці знізілася да 6.1 бала.  Прастора для іх дзейнасці працягвала звужацца, абмяжоўваліся магчымасці для сістэмнага развіцця і сувязяў з грамадскасцю, скарачаліся фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, узрастала роля лаяльных уладам структур. 

Хаця ўстойлівасць беларускіх АГС змяншаецца, яны, нягледзячы на рэпрэсіі і нявызначанасць будучыні, працягваюць адаптавацца да зменлівага асяроддзя, прафесійна развівацца і супрацьстаяць ціску, захоўваючы патэнцыял для доўгатэрміновых зменаў.

Пра Індэкс устойлівасці АГС

Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці – гэта аналітычны інструмент, распрацаваны USAID для ацэнкі ўзроўню развіцця арганізацый грамадзянскай супольнасці па сямі параметрах устойлівасці: прававое асяроддзе, арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасць, адвакатаванне, аказанне паслуг , інфраструктура сектара, грамадскі імідж. Для ацэньвання группай экспертаў выкарыстоўваецца сямібальная шкала, дзе 7 адпавядае самаму нізкаму ўзроўню ўстойлівасці, а 1 – самаму высокаму. 

Сектар беларускіх АГС працягваў дзейнічаць як унутры краіны, так і за яе межамі – у Мінску і Бабруйску, у Варшаве і Вільні, у Берліне і Тбілісі – усюды, дзе беларусы аб’ядноўваюцца дзеля пазітыўных перамен. Таму Індэкс ацэньвае ўстойлівасць беларускіх АГС незалежна ад іх фактычнага месцазнаходжання.

Падзяка

Ацэнка і публікацыя справаздач па Індэксу ўстойлівасці АГС былі б немагчымымі без удзелу шматлікіх асоб і арганізацый. Аўтары асабліва ўдзячныя ўдзельні:цам экспертнай групы і аўтар:кам справаздачы, якія падзяліліся сваімі ўнікальнымі ведамі, аналітычнымі высновамі і экспертызай, што сталі асновай гэтага Індэкса.

У гэтым годзе ацэнка Індэкса была праведзена ў межах адкрытага конкурсу Банка Ідэй для знешніх даследчыкаў і даследчыц пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Аўтары дзякуюць за аказаную падтрымку.

Аўтары запрашаюць азнаёміцца з поўным тэкстам справаздачы на беларускай або ангельскай мове

Прыемнага чытання!

Scroll to top