Нетворкінг беларускіх культурніцкіх арганізацый і бізнeсаў

У межах адукацыйнага трэка ArtPower Belarus разам са стартап-кам’юніці Ū Hub запускае праграму, прысвечаную партнёрству культуры і бізнесу. Яна скіраваная на беларускія культурніцкія арганізацыі і ініцыятывы, якія хочуць лепш разумець логіку бізнесу, навучыцца гаварыць з патэнцыяльнымі партнёрамі на адной мове і перайсці да канкрэтных прапаноў і рашэнняў. Вынікам стане офлайн-нетворкінг беларускіх культурніцкіх арганізацый і бізнесаў, які адбудзецца 21 лютага ў Варшаве. Дэдлайн рэгістрацыі на праграму 2 лютага.

Чаго чакаць

Гэтая праграма створаная як практычная падтрымка для тых, хто хоча ўмацаваць устойлівасць сваёй арганізацыі і пачаць (ці зрабіць больш эфектыўным) супрацоўніцтва з бізнесам. Яна дапаможа пераасэнсаваць тое, як культурніцкія ініцыятывы сябе прэзентуюць, як фармулююць прапанову і як вядуць размову пра партнёрства. Важны акцэнт праграмы — пераход ад агульных дэкларацый і «пітчынгу пра каштоўнасці» да больш яснай логікі: якую патрэбу можа закрыць культурніцкі праект, якую карысць ён дае партнёру і як гэта можна перакласці на мову бізнесу. 

У межах сустрэч таксама будуць разглядацца тыповыя складанасці, з якімі сутыкаюцца культурніцкія арганізацыі: страх гаварыць пра грошы, імкненне распавядаць толькі пра ідэю без канкрэтнага прадукту, недахоп выразнай структуры прэзентацыі і ўяўленне, што бізнесу дастаткова «добрай місіі», каб далучыцца.

У праграме:

1. Онлайн-воркшоп «Што шукае бізнес і як з ім размаўляць»

(8 лютага, 11:00-13:00 па Варшаве)

2. Онлайн-воркшоп «Пітчынг праекта: як данесці ідэю так, каб яна спрацавала»

(10 лютага, 17:00-20:00 па Варшаве)

3. Офлайн-нетворкінг беларускіх культурніцкіх арганізацый і бізнесаў

(21 лютага, 11:30-16:30, Варшава) 

Асобным блокам пройдуць пітчынгі культурных праектаў: шэсць адабраных культурніцкіх арганізацый прэзентуюць свае ідэі і атрымаюць зваротную сувязь ад прадстаўнікоў бізнесу. Гэтая частка задумана не як «прэзентацыя дзеля прэзентацыі», а як магчымасць праверыць сваю логіку, пачуць пытанні партнёраў і лепш зразумець, што працуе ў рэальнай размове пра супрацоўніцтва.

Падрабязны расклад і лакацыю з месцам правядзення ўдзельнікі атрымаюць перад мерапрыемствам.

Умовы ўдзелу

Удзел у праграме — гэта магчымасць зрабіць крок да ўстойлівасці сваёй арганізацыі праз больш дакладнае разуменне партнёрства, праз новыя кантакты і праз практычныя інструменты для пітчынгу і перамоваў. Да ўдзелу запрашаецца па аднаму прадстаўніку ад арганізацыі або ініцыятывы. 

Праграма праходзіць у закрытым фармаце і прадугледжвае папярэднюю верыфікацыю.

Удзел бясплатны, а для ўдзельнікаў з іншых гарадоў Польшчы, а таксама з Літвы ці Германіі, магчыма пакрыццё выдаткаў на дарогу (аўтобус/цягнік). 

Рэгістрацыя адкрытая да 2 лютага, 23:59 (па варшаўскім часе), а пра вынікі адбору ўдзельнікам паведамяць 4 лютага. Анкета рэгістрацыі даступная па спасылцы.

Падрабязнасці

Scroll to top