«РАДА» абнавіла дадзеныя па патрэбах моладзі ў нефармальнай адукацыі


Мінулае апытанне адбылося ў 2023 годзе, напачатку 2025 года каманда БНМС «РАДА» вырашыла абнавіць дадзеныя, а таксама прапанавала вывучыць тэму запыта на нефармальную адукацыю ў межах «Народнага апытання» – незалежнай ініцыятывы, якая з 2020 года вывучае, што думаюць беларусы пра актуальныя падзеі. Ніжэй будуць прэзентаваныя дадзеныя абодвух апытанняў.
Мэтай даследавання з‘яўлялася вызначэнне патрэб у напаўненні і арганізацыі праграм нефармальнай адукацыі сярод маладых беларусаў і беларусак, якія пражываюць у розных краінах.
Абмежаваннем даследавання стала яго правядзенне на дасягнутых выбарачных сукупнасцях, якія не рэпрэзентуюць генеральную сукупнасць. Што гэта значыць? Апытанне ахапіла хутчэй больш актыўную, прадэмакратычную і прапратэстную частку моладзі, якая пераважна мае досвед удзелу ў праграмах нефармальнай адукацыі. Тым не менш, нягледзячы на абмежаванні па рэпрэзентатыўнасці, даследаванне дазваляе зафіксаваць асноўныя тэндэнцыі фармавання цікавасці да праграм нефармальнай адукацыі.
Каго і як апыталі
Даследаванне «РАДА» праводзілася метадам анлайн-апытання ў студзені – сакавіку 2025 года.
- Былі апытаныя 92 рэспандэнта_кі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў.
- З іх 32% – мужчыны, 64% – жанчыны.
- 11% пражываюць у Беларусі, 60% – у Польшчы, 11% – у Літве і яшчэ 19% – у іншых краінах.
Большая частка гэтай моладзі прымае ўдзел у якіх-небудзь формах грамадзянскай актыўнасці.
Аб’ект даследавання праекту «Народнае апытанне» – людзі ў пошуках магчымасцяў адукацыі, даследчыкі_цы, прадстаўнікі_цы бізнес-супольнасці, якія жывуць у розных краінах. Даследаванне праводзілася метадам анлайн-апытання ў студзені 2025 года.
- Для вывучэння моладзевай аўдыторыі была адабраная падвыбарка (частка асноўнай групы, якую вылучаюць, каб зразумець меркаванне канкрэтнай катэгорыі): 91 рэспандэнт_ка ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў.
- Сярод іх: мужчын – 53%, жанчын – 45%.
- Большасць – 41% – пражываюць у Польшчы, 22% у Беларусі, 6% у Літве і 32% у іншых розных краінах.
Сярод беларускай моладзі зацікаўленасць да праграм нефармальнай адукацыі прысутнічае. Больш яскрава яна выяўленая ў актыўнай моладзі. У большасці апытаных ёсць досвед удзелу ў праграмах нефармальнай адукацыі.
Такія тэмы, як фінансавая пісьменнасць, эфектыўная камунікацыя і выкарыстанне ШІ аднолькава запатрабаваныя сярод жанчын і мужчын. Шэраг тэм нефармальнай адукацыі мае гендарную спецыфіку.
Асноўнай перавагай удзелу ў адукацыйных праграмах для апытаных з’яўляецца магчымасць атрымання новых ведаў і ўменняў. Актыўная частка моладзі падкрэслівае значнасць нетворкінгу, а таксама атрымання новых тэарэтычных ведаў і ўдасканаленне прафесійных уменняў.
Пераважную колькасць рэспандэнтаў_ак прыцягваюць практыкаарыентаваныя заняткі, якія забяспечваюць засваенне і замацаванне новых уменняў і навыкаў. Папулярнасцю карыстаюцца таксама заняткі лекцыйнага тыпу для абмеркавання новай інфармацыі і стажыроўкі.
Працягласць навучання хутчэй мусіць быць абумоўленая яго мэтамі: рэспандэнты_кі гатовыя ў пэўных сітуацыях выбраць праграмы любой працягласці, але часцей аддаюць перавагу кароткатэрміновым курсам працягласцю да аднаго месяца.
Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца змешаныя фарматы навучання, якія забяспечваюць магчымасці спалучэння як афлайн-, так і анлайн-заняткаў.
Выбар мовы выкладання ў праграмах нефармальнай адукацыі хутчэй мусіць быць абумоўлены тэматычнай скіраванасцю курса. Рэспандэнты_кі гатовыя ўдзельнічаць у праграмах на роднай мове або мовах, якімі валодаюць. Мае значэнне і месца пражывання: у якасці варыянта “Іншае” адзначаны польскі, нямецкі, украінскі, французскі, чэшскі.