БАЖ запрашае на навучанне. SMART-курс «Выкрываем правільна. Аналіз і тэхнікі дэканструкцыі прапагандысцкіх наратываў для журналістаў і актывістаў»
Хочаш навучыцца эфектыўна выкрываць прапаганду, маніпулятыўныя тэхнікі і дэзінфармацыю ў медыях і публічным дыскурсе, каб абараніць сябе і іншых ад інфармацыйных атак прапагандыстаў? Запісвайся на SMART-курс для беларускіх журналістаў, інфлюэнсераў і актывістаў, дзе даведаешся пра метады аналізу і абвяржэння дэзінфармацыі, тэхнікі дэканструкцыі прапагандысцкіх наратываў.
Курс складаецца з чатырох вэбінараў на платформе ZOOM, якія будуць праходзіць па серадах з 15 мая па 5 чэрвеня 2024 года з 18:00 да 20:30 па Мінску, Вільні і Кіеву (17:00 па Варшаве, 19:00 па Тбілісі). Ён цалкам практыкаарыентаваны і прадугледжвае актыўны ўдзел навучэнцаў у дыскусіях і выкананні практычных заданняў падчас вэбінараў.
Чым карысны SMART-курс?
- – Даведаешся пра важнасць, (не-)эфектыўнасць і сучасныя трэнды выкарыстання дэзінфармацыі і прапаганды ў анлайн-прасторы Беларусі.
- – Высвятліш, што могуць рабіць журналісты, каб самім не патрапіць у «пастку» і не зацягнуць у яе сваю аўдыторыю.
- – Прыдбаеш працуючыя методыкі выкрыцця фэйкаў па адкрытых крыніцах з практыкі работы рэдакцый, а таксама матрыцу аналізу наратываў.
- – Патрэніруешся выкарыстоўваць метады прэбанкінгу і дэбанкінгу прапаганды.
- – Створыш уласны алгарытм для выкрыцця і дэканструкцыі прапагандысцкіх наратываў.
З якіх вэбінараў складаецца SMART-курс?
- Асаблівасці сучаснай дэзінфармацыі і прапаганды: параўнальныя даследаванні і кейс Беларусі. Стас Гарэлік, эксперт Цэнтра Новых Ідэй — 15 мая.
- Як выкрываць прапагандысцкія фэйкі па адкрытых крыніцах — практыка рэдакцыі. Фёдар Паўлючэнка, галоўны рэдактар Reform.news — 22 мая.
- Як прапаганда маніпулюе свабоднай прэсай: пасткі, ў якія патрапляюць тыя, хто хоча як лепей. Ганна Мірочнік, медыяаналітык, эксперт па інфармацыйнай гігіене і распрацоўцы камунікатыўных стратэгій — 29 мая.
- Дэканструкцыя наратываў прапаганды. Паўлюк Быкоўскі, старшы аналітык Media IQ — 5 чэрвеня.
Удзельнікі, якія паспяхова пройдуць курс, атрымаюць па заканчэнні сертыфікат.
Рэгістрацыя на курс магчымая да 14.05.2024, 17:00 па Мінску. РЭГІСТРАЦЫЯ ТУТ
Удзельнікі, якія прайшлі конкурсны адбор, атрымаюць запрашэнне і спасылку на канферэнцыю на платформе ZOOM за дзень (14 мая), а таксама за гадзіну да пачатку першага вэбінара, які адбудзецца 15 мая а 18.00 па Мінску, Вільні, Кіеву, 17:00 па Варшаве, 19:00 па Тбілісі.
Смарт-курс «Выкрываем правільна. Аналіз і тэхнікі дэканструкцыі прапагандысцкіх наратываў для журналістаў і актывістаў» ладзіць Фонд ім.Фрыдрыха Эберта.