Даследаванне Моладзевай Рады «Ха-ха, мы яшчэ тут»: становішча беларускай моладзі ў 2025 годзе

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» пры падтрымцы праграмы Belarus Beehive 2.0 і фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ініцыявала і правяла сацыялагічнае даследаванне «Ха-ха, мы яшчэ тут» (2025 г.). Даследававанне выяўляе цікавасці, праблемы і магчымасці моладзі ўнутры Беларусі, узровень інфармаванасці пра арганізацыі грамадзянскай супольнасці, а таксама міграцыйныя настроі.
Даследаванне працягвае серыю папярэдніх прац «РАДА» – у 2019/2020 і 2022 гадах ужо праводзілася вывучэнне становішча моладзі ў Беларусі («Ха-ха, я тут жыву. Аналіз становішча беларускай моладзі 2019–2022»). Актуальнае даследаванне з’яўляецца трэцім па ліку. Дзе гэта магчыма, у справаздачы зробленая рэфлексія наконт змен, што адбыліся з таго часу.
Для збору дадзеных былі выкарыстаныя тры асноўныя метады:
- Анлайн-апытанне маладых людзей ва ўзросце 18–34 гадоў, якія пражываюць у Беларусі.
- Глыбінныя інтэрв’ю з 12 прадстаўнікамі_цамі моладзі, якія жывуць у Беларусі.
- Інтэрв’ю з экспертамі_камі – пяццю асобамі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну праз рызыку палітычных рэпрэсій.
Асноўныя тэзісы
- Сыход у «мікрасвет» як галоўная жыццёвая стратэгія
Даследаванне фіксуе выразны зрух прыярытэтаў беларускай моладзі ў бок прыватнага жыцця. Для большасці рэспандэнтаў на першы план выйшлі фінансавы дабрабыт і блізкія міжасобасныя стасункі. Сярод галоўных жыццёвых каштоўнасцяў маладыя людзі найчасцей называюць здароўе і шчасце блізкіх (54%), сям’ю (53%) і асабісты камфорт (47%).
Асобна падкрэсліваецца рост значнасці псіхалагічнага камфорту і самарэалізацыі. Гэтыя фактары становяцца важнейшымі за традыцыйныя сацыяльныя іерархіі і аўтарытэты. Моладзь усё часцей арыентуецца на партнёрскія мадэлі ўзаемадзеяння і дэманструе ўстаноўку, якую даследчыкі апісваюць фразай: «дарослых больш няма».
- Інтэрнэт як асноўная прастора жыцця і інфармацыі
Вольны час і інфармацыйнае спажыванне беларускай моладзі ў 2025 годзе амаль цалкам сканцэнтраваныя ў інтэрнэце. Лічбавая прастора стала не толькі асноўнай формай досугу, але і фактычнай альтэрнатывай дзяржаўнай прапагандзе і афлайн-інстытуцыям.
Найбольш папулярнымі тэмамі застаюцца кіно і серыялы (62%), музыка (47%), а таксама псіхалогія і самапазнанне (37%). Пры гэтым цікавасць да палітыкі і сацыяльных пытанняў застаецца вельмі нізкай — толькі 16% рэспандэнтаў адзначаюць такую зацікаўленасць. Аўтары даследавання тлумачаць гэта альбо свядомым імкненнем да асабістай бяспекі, альбо жыццём у асяроддзі, дзе палітычная апатыя стала сацыяльнай нормай.
- Сацыяльна-культурныя змены і мілітарызацыя
Даследаванне таксама фіксуе глыбокія трансфармацыі ў сацыяльна-культурным асяроддзі. Адна з ключавых тэндэнцый — «збядненне» культурнага жыцця. З-за недахопу якасных мерапрыемстваў і незалежных ініцыятыў моладзь усё часцей праводзіць вольны час дома або ў вузкім коле сяброў.
Паралельна адбываецца змена культурнага вектара: у сферах моды, дызайну і падарожжаў еўрапейскія трэнды паступова замяшчаюцца расійскімі. Акадэмічныя, культурныя і адукацыйныя сувязі з Захадам у значнай ступені разарваныя або замарожаныя.
На гэтым фоне ўзмацняецца мілітарызацыя грамадскай прасторы. Дзяржава актыўна інвесціруе ў ваенна-патрыятычнае выхаванне, фармуючы вобраз знешняга ворага, у ролі якога найчасцей выступае Еўрапейскі саюз.
- Грамадзянская актыўнасць без палітыкі
Што датычыца ўплыву на грамадскія працэсы, большасць маладых людзей адзначае, што адчувае здольнасць уплываць на ўласнае жыццё (71%). Аднак магчымасць уплыву на рашэнні дзяржаўных органаў бачаць толькі 6–11% рэспандэнтаў.
Нягледзячы на гэта, узровень узаемадапамогі застаецца адносна высокім: 75% апытаных удзельнічалі ў дапамозе іншым на працягу апошняга года. Аднак фарматы гэтай дапамогі істотна змяніліся. Як правіла, гаворка ідзе альбо пра фінансавую падтрымку знаёмых «з рук у рукі», альбо пра ўдзел у «бяспечных» сектарах дзейнасці, максімальна дыстанцаваных ад палітыкі.
Асобнай праблемай з’яўляецца распазнанне арганізацый. Ва ўмовах рэпрэсій моладзь часта альбо блытае праваабарончыя структуры з праваахоўнымі органамі, альбо свядома пазбягае згадвання незалежных ініцыятыў, аддаючы перавагу санкцыянаваным дзяржавай арганізацыям.
- Міграцыйныя настроі: рост тых, хто застаецца
Даследаванне фіксуе істотны рост колькасці маладых людзей, якія не плануюць эміграваць. Калі ў 2022 годзе такіх было каля 30%, то ў 2025 годзе іх доля вырасла да 62%.
Аўтары тлумачаць гэтую дынаміку адразу некалькімі фактарамі: «нармалізацыяй» сітуацыі ўнутры краіны і вяртаннем жыцця ў звыклае рэчышча пасля падзей 2020 года, недахопам псіхалагічнай і фізічнай энергіі для зменаў, уздзеяннем прапаганды пра «цяжкае жыццё ў Еўропе», а таксама дэфіцытам інфармацыі пра іншыя культуры і магчымасці за мяжой.
Ключавая выснова
У якасці галоўнай высновы даследчыкі адзначаюць, што беларуская моладзь адаптавалася да нестабільнасці як да «новай нормы». Замест адкрытага супраціву або масавай эміграцыі маладыя людзі выбіраюць стратэгіі асабістай бяспекі, прыватнасці і лакальнай узаемадапамогі.
Для працы з гэтай аўдыторыяй эксперты рэкамендуюць пазбягаць палітызаваных трыгераў і выкарыстоўваць дэпалітызаваную мову — напрыклад, гаварыць пра урбаністыку, сацыяльныя і культурныя праекты, а не пра парвы і дыктатуру. Асобна падкрэсліваецца неабходнасць развіцця бяспечных афлайн-супольнасцяў як інструмента аднаўлення даверу і сацыяльных сувязяў.
Рэкамендацыі ад экспертаў_ак “Як узаемадзейнічаць з моладдзю”:
- Уключаць моладзь у каманды і дазваляць, каб іх голас гучаў у камунікацыі арганізацый.
- Пазбягаць трыгерных словаў і тэм. Замест «правы чалавека» або «дыктатура» лепш выкарыстоўваць паняцці кшталту «сацыяльныя праекты», «урбаністыка», «экалогія горада». Варта пазбягаць адкрытых згадванняў палітыкі, вайны і 2020 года, бо гэта моладдзю ўспрымаецца як «эмігранцкі кантэнт».
- Развіваць кам’юніці – напрыклад, клубы выпускнікоў і выпускніц адукацыйных праграм, якія падтрымліваюць сувязі і ствараюць сеткі даверу.
- Садзейнічаць афлайн-нэтворкінгу. Бяспечныя сустрэчы ў жывым фармаце маюць асаблівую каштоўнасць для пабудовы даверу.
- Выкарыстоўваць магчымасці супрацоўніцтва з універсітэтамі. Нягледзячы на абмежаванні, у асобных выпадках магчымыя калабарацыі нават праз структуры, лаяльныя дзяржаве (напрыклад, БРСМ).
