J4T AWARDS 2024 адкрыты прыём заявак

Праваабарончая ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць” абвяшчае конкурс для журналістаў_ак і рэдакцыяў СМІ – J4T AWARDS 

Конкурс ладзіцца з мэтай павысіць прафесійныя навыкі працаўнікоў СМІ ў галіне роўнасці і недыскрымінацыі, паспрыяць развіццю сацыяльнай журналістыкі, павысіць пазітыўную бачнасць уразлівых групаў насельніцтва Беларусі.

Намінацыі:

  • Матэрыял на тэматыку роўнасці і недыскрымінацыі

У намінацыі прымаюцца артыкулы / фотарэпартажы / відэаматэрыялы / радыёперадачы, якія прасоўваюць ідэю роўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых сацыяльных групаў у беларускім грамадстве, якія былі апублікаваныя з 1 лістапада 2023 года па 31 кастрычніка 2024 года.

Адзін аўтар можа падаць на конкурс не больш за тры працы. Спасылку на матэрыял неабходна накіраваць на адрас info@j4t.info з пазнакай “Матэрыял на сацыяльную тэматыку” не пазней як 20 лістапада 2024 года. У лісце таксама трэба ўказаць імя і прозвішча і кантактныя дадзеныя (Тэлеграм / Сігнал).

Пераможцу вызначыць журы, у склад якога ўвойдуць рэдактаркі і рэдактары беларускіх СМІ. Лаўрэаты_ткі конкурса атрымаюць ганаровыя граматы і адмысловы прыз. Пераможца будзе мець магчымасць узяць удзел у асветніцкай паездцы ў адну з краінаў Еўропы ў 2025 годзе. У 2024 годзе пераможца наведаў Еўрапрайд у Салоніках, у 2023 Еўрапрайд у Бялградзе.

Сярод пераможцаў конкурса мінулых год такія беларускія журналісты_ткі як Саша Камко, Ірына Новік, Алена Кавальчук, Вераніка Уласевіч, Наталля Касцюкевіч, Улад Швядовіч.

  • Рэдакцыя года 

У намінацыі можа быць вылучаная рэдакцыя СМІ, якая ў 2024 годзе ў сваіх матэрыялах прасоўвала ідэі роўнасці ды інклюзіі, распавядала пра праблемы, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі ўразлівых групаў у Беларусі і краінах рэлакацыі.

Пераможца выбіраецца праз галасаванне прадстаўнікоў НДА і індывідуальных актывістаў, якія працуюць з тэмай інклюзіі ўразлівых груп. Для вылучэння рэдакцыі неабходна запоўніць наступную форму да 20 лістапада 2024 года. Рэдакцыя-пераможца конкурсу атрымае ганаровую грамату і адмысловы прыз.

Сярод пераможцаў мінулых гадоў – аналітычны партал «Заўтра тваёй краіны», інтэрнэт-газета «Салідарнасць», анлайн-часопіс 34Mag, інтэрнэт-выданне kyky.org, партал TUT.BY, партал EX-PRESS.BY, Hrodna.life.

  • Асоба года 

Адмысловая намінацыя J4T за ўнёсак у развіццё ініцыятывы і праваабарончага руху ў Беларусі ў 2024 годзе. Лаўрэата вызначаюць сябры каманды Праваабарончай ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”.

Вынікі прэміі будуць абвешчаныя не пазней 20 снежня 2024 года.

Scroll to top