
НДА, якія працуюць у сферы грамадзянскай актыўнасці, правоў чалавека, роўнасці і развіцця супольнасцяў, могуць скарыстацца некалькімі праграмамі фінансавання і экспертнай падтрымкай Нацыянальнага інстытута свабоды — Цэнтра развіцця грамадзянскай супольнасці (Narodowy Instytut Wolności – Centrum Rozwoju Społeczeństwa Obywatelskiego, NIW-CRSO). Сярод асноўных магчымасцяў еўрапейская праграма CERV, польскія дзяржаўныя праграмы NOWEFIO і PROO, а таксама бясплатныя кансультацыі, навучанне і дапамога ў пошуку міжнародных партнёраў.
CERV: фінансаванне праектаў, якія абараняюць правы і дэмакратычныя каштоўнасці
Адна з ключавых магчымасцяў — еўрапейская праграма «Грамадзяне, роўнасць, правы і каштоўнасці» (Citizens, Equality, Rights and Values, CERV). Яе мэта: абарона і прасоўванне правоў і каштоўнасцяў Еўрапейскага саюза, развіццё адкрытых, дэмакратычных, роўных і інклюзіўных грамадстваў, заснаваных на правах чалавека і вяршэнстве права.
На 2026–2027 гады бюджэт праграмы складае 581 млн еўра. Фінансаванне прызначана для арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія працуюць на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Праграма ахоплівае некалькі асноўных кірункаў:
- Каштоўнасці Еўрапейскага саюза — падтрымка ініцыятыў, накіраваных на абарону і прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў.
- Грамадзянскі ўдзел — папулярызацыя агульнай еўрапейскай гісторыі, падтрымка ўдзелу грамадзян у дэмакратычным жыцці і абмену паміж жыхарамі розных краін ЕС.
- Роўнасць, правы і гендарная роўнасць — барацьба з дыскрымінацыяй, расізмам і нецярпімасцю, абарона правоў дзяцей і людзей з інваліднасцю, папярэджанне гвалту ў дачыненні да жанчын, дзяўчат і іншых уразлівых груп, падтрымка пацярпелых.
Асобны кірунак Daphne, які прадугледжвае прадухіленне і супрацьдзеянне розным формам гвалту.
У межах конкурсу «Еўрапейская памяць» (European Remembrance) на 2026 год прадугледжана падтрымка праектаў, прысвечаных памяці пра дэмакратычныя пераўтварэнні і аднаўленне дэмакратычных інстытутаў, Халакост, генацыды, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, а таксама спадчыну каланіялізму, рабства і міграцыі.
Хто можа падавацца?
Каардынатарамі праектаў могуць выступаць некамерцыйныя і дзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку НДА, грамадскія ўстановы і ўніверсітэты. Партнёрамі могуць быць як некамерцыйныя, так і камерцыйныя арганізацыі, але апошнія не могуць выступаць лідарамі кансорцыума.
Праекты могуць быць нацыянальнымі або міжнароднымі, аднак іх рэалізацыя павінна адбывацца ў краінах, якія маюць права ўдзельнічаць у праграме. Кансорцыум павінен аб’ядноўваць не менш за дзве арганізацыі.
Для ўдзелу кожная арганізацыя павінна зарэгістравацца ў Рэестры ўдзельнікаў ЕС і атрымаць дзевяцізначны нумар PIC.
Важна ўлічваць і абмежаванні конкурсу: адна арганізацыя можа падаць толькі адну заяўку ў ролі каардынатара на ўвесь конкурс, але колькасць праектаў, у якіх яна можа ўдзельнічаць як партнёр, не абмежаваная.
Фінансаванне прадугледжвае 90% па мадэлі lump sum — фіксаванай сумы, пры якой фінансаванне разлічваецца ў залежнасці ад вынікаў праекта, без неабходнасці пацвярджаць кожны фактычны расход.
NOWEFIO: падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў і развіцця арганізацый
Яшчэ адна магчымасць: польская дзяржаўная праграма Fundusz Inicjatyw Obywatelskich NOWEFIO, разлічаная на 2021–2030 гады.
Яе галоўная мэта: павелічэнне ўдзелу грамадзян і няўрадавых арганізацый у грамадскім жыцці.
Праграма ўключае чатыры прыярытэты:
- Мікраініцыятывы — падтрымка невялікіх грамадзянскіх ініцыятыў.
- Арганізацыі грамадзянскай супольнасці на карысць агульнага дабра — рэалізацыя грамадска значных праектаў.
- Арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў грамадскім жыцці — падтрымка ўдзелу НДА ў грамадскіх працэсах.
- Умацаванне кампетэнцый грамадзянскіх арганізацый — развіццё арганізацыйнага патэнцыялу.
У межах прыярытэтаў 2–4 можна прэтэндаваць на гранты ад 100 000 да 300 000 польскіх злотых. Гадавая сума фінансавання павінна складаць ад 50 000 да 150 000 злотых.
Гэта магчымасць для арганізацый, якія хочуць не толькі рэалізаваць асобную ініцыятыву, але і павялічыць свой удзел у грамадскім жыцці, развіць дзейнасць і ўмацаваць уласныя кампетэнцыі.
PROO: грошы на інстытуцыйнае развіццё і ўмацаванне НДА
Праграма PROO (Program Rozwoju Organizacji Obywatelskich) арыентаваная на ўстойлівае арганізацыйнае развіццё грамадзянскіх арганізацый.
Яна прапануе некалькі відаў падтрымкі:
- Прыярытэт 1a — падтрымка статутнай дзейнасці і інстытуцыйнага развіцця. Прадугледжаны тры ўзроўні фінансавання: ад 30 000 да 50 000 злотых; ад 150 000 да 300 000 злотых; ад 300 000 да 500 000 злотых. Для другога і трэцяга ўзроўняў устаноўлены асобныя гадавыя ліміты.
- Прыярытэт 1b — фінансаванне ўласнага ўнёску. Гранты ад 10 000 да 300 000 злотых для пакрыцця ўласнага ўнёску арганізацыі ў іншыя праекты.
- Прыярытэт 5 — экстраная падтрымка. Да 20 000 злотых на тэрміновыя патрэбы арганізацыі ў межах кірункаў «Экстраная дапамога» і «Членства», а таксама да 10 000 злотых у кірунку «Грамадскае жыццё».
Такім чынам, PROO можа быць карыснай арганізацыям, якім патрэбныя рэсурсы не толькі для асобных праектных мерапрыемстваў, але і для ўмацавання ўласнай інфраструктуры, забеспячэння статутнай дзейнасці або ўдзелу ў іншых фінансаваных праектах.
Не толькі гранты: бясплатныя кансультацыі, навучанне і пошук партнёраў
Акрамя фінансавых праграм, Нацыянальны інстытут свабоды прапануе арганізацыям грамадзянскай супольнасці практычную экспертную падтрымку праз Нацыянальны кантактны пункт праграмы CERV у Польшчы.
Яго праца сканцэнтраваная на чатырох кірунках: інфармаванне пра магчымасці фінансавання і палітычныя ініцыятывы, падтрымка міжнароднага супрацоўніцтва, кансультаванне патэнцыйных заяўнікаў і распаўсюджванне інфармацыі пра паспяховыя праекты.
Арганізацыі могуць скарыстацца наступнымі магчымасцямі:
- удзельнічаць у бясплатных навучаннях, вэбінарах і інфармацыйных сустрэчах;
- атрымліваць актуальную інфармацыю пра адкрытыя конкурсы;
- бясплатна кансультавацца са спецыялістамі адносна ідэі праекта, умоў конкурсаў і падрыхтоўкі заяўкі;
- удзельнічаць у ментарскіх сесіях для маладых арганізацый;
- атрымліваць дапамогу ў пошуку міжнародных партнёраў;
- знаёміцца з вынікамі і добрымі практыкамі праектаў, якія ўжо атрымалі фінансаванне.
Гэта асабліва важна для невялікіх арганізацый і ініцыятыў, якія толькі пачынаюць працаваць з еўрапейскімі праграмамі фінансавання і не заўсёды маюць дастатковы досвед падрыхтоўкі міжнародных праектных заявак.
Дзе шукаць інфармацыю і як звязацца?
Каб даведацца больш пра праграму CERV, актуальныя конкурсы і магчымасці падтрымкі, можна звярнуцца ў Нацыянальны кантактны пункт CERV у Польшчы:
- Электронная пошта: cerv@niw.gov.pl
- Сайт: https://www.niw.gov.pl — раздзел праграмы «Obywatele, Równość, Prawa i Wartości» 2021–2027 (CERV).
- Instagram: https://www.instagram.com/cerv_polska
- Тэлефон: 882 326 235.
Праграмы CERV, NOWEFIO і PROO прапануюць розныя інструменты падтрымкі — ад фінансавання асобных ініцыятыў да доўгатэрміновага развіцця арганізацый. А бясплатныя кансультацыі, навучанне і дапамога ў пошуку партнёраў дазваляюць НДА лепш падрыхтавацца да ўдзелу ў конкурсах і выкарыстоўваць даступныя магчымасці