У Вільні стартаваў адукацыйны праект для падлеткаў «Граматыка (не)свабоды»

Афлайн праект для падлеткаў (12–17 гадоў) — «Адукацыйная лабараторыя “Граматыка (не)свабоды”» будзе праходзіць на пляцоўцы Мемарыяльнага комплексу парку Тускуленай.
Слоган праекта — «Памяць, расказаная тваёй мовай». Удзельнікам прапануецца выбраць лёс канкрэтнага чалавека, які сутыкнуўся з савецкімі рэпрэсіямі, аднавіць свет свайго героя, паспрабаваць зразумець матывы ягоных учынкаў і пераказаць гэтую гісторыю ўласнымі словамі і праз гэта ўвайсці ва ўласны дыялог з гісторыяй.
Абавязковым элементам кожнага міні-праекта стане сувязь з сучаснасцю: у межах заняткаў удзельнікі будуць праводзіць паралелі паміж трагедыямі мінулага і лёсамі ахвяр сучасных дыктатур і войнаў. Арганізатары падкрэсліваюць, што лічаць магчымым і важным распавядаць любую гісторыю сучаснай мовай.
Фармат працы прадугледжвае свабоду выбару спосабаў сторытэлінгу. Падлеткі змогуць прадставіць свае праекты ў тых формах, якія ім бліжэйшыя: ад вэбтунаў і зiнаў да відэаэсэ і арт-праектаў з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту.
Праект накіраваны на вырашэнне адразу некалькіх практычных задач.
- Па-першае, праца з архіўнымі матэрыяламі будзе спрыяць фармаванню навыкаў крытычнага мыслення і навучыць адрозніваць гістарычны факт ад маніпуляцыі.
- Па-другое, асаблівая ўвага надаецца інтэграцыі і дыялогу: арганізатары плануюць стварыць бяспечную прастору, у якой мясцовыя школьнікі і падлеткі, што знайшлі ў Літве прытулак ад вайны і рэпрэсій, змогуць працаваць разам і вучыцца чуць адзін аднаго.
- Па-трэцяе, праект арыентаваны на прафарыентацыю — ён дае базавыя навыкі даследчай працы і знаёміць удзельнікаў з акадэмічным асяроддзем, дапамагаючы ім у выбары далейшай адукацыйнай і прафесійнай траекторыі.
Акрамя творчай і даследчай дзейнасці, праграма ўключае паглыбленне ў акадэмічнае асяроддзе, навучанне лічбавай граматнасці і навыкам этычнага выкарыстання нейрасетак. Удзельнікі таксама змогуць атрымаць афіцыйны залік сацыяльных гадзін за валанцёрскую дзейнасць, звязаную з захаваннем гістарычнай памяці.
Фіналам праекта стане выніковы конкурс, па выніках якога журы абярэ найлепшыя працы.
Прызы
- Прызавы фонд прадугледжвае галоўны прыз — гнуткі адукацыйны грант.
- Аўтары найлепшых праектаў атрымаюць гадавыя падпіскі на прафесійныя інструменты, у тым ліку Midjourney, Adobe Creative Cloud і іншыя сэрвісы.
- Фіналісты таксама атрымаюць магчымасць асабіста абмеркаваць свае праекты і выбар будучай прафесіі з экспертамі арганізацый «Мемарыяла» з Літвы, Германіі, Чэхіі, Польшчы і Украіны.
Старт заняткаў запланаваны на студзень 2025 года, падвядзенне вынікаў — на чэрвень 2025 года.
Працоўная мова праекта — руская. Сустрэчы будуць праходзіць адзін раз на тыдзень, пры гэтым дакладны расклад арганізатары плануюць узгадніць з удзельнікамі групы, каб фармат быў зручны для ўсіх.
Для ўдзелу ў праекце падлеткам неабходна запоўніць форму папярэдняй рэгістрацыі па спасылцы
Арганізатарам праекта выступае асацыяцыя «Мемарыял-Вільнюс» — некамерцыйная арганізацыя, зарэгістраваная ў Літве. Яе дзейнасць накіраваная на дакументаванне, асэнсаванне і пераадоленне наступстваў злачынстваў савецкай улады і постсавецкіх аўтарытарных рэжымаў. Асацыяцыя з’яўляецца адным з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі «Мемарыял» (Швейцарыя) — сеткі мемарыяльскіх арганізацый, удастоенай Нобелеўскай прэміі міру.
Кантакт для сувязі: memorial.vilnius@gmail.com
