Перакладчыцкая майстэрня адкрывае цынамонавы сезон!

Беларускі ПЭН абвяшчае набор на новы, цынамонавы сезон Перакладчыцкай майстэрні. Прыём заявак пачнецца 1 верасня 2026 года, а ўжо ў кастрычніку ўдзельнікі і ўдзельніцы сустрэнуцца на першых занятках.

Перакладчыцкая майстэрня застаецца прасторай для прафесійнага росту, творчага эксперыменту і ўважлівай працы з тэкстам. Мы запрашаем як новых удзельнікаў, так і выпускнікоў папярэдніх сезонаў – каб паглыбіць досвед, удасканаліць пераклады і разам рухацца далей.

Што чакае перакладчыкаў у гэтым сезоне?

У праграму цынамонавага сезона ўвойдуць:

  • 11 сустрэч з разборам перакладаў на беларускую мову, зробленых удзельнікамі;
  • дзве сустрэчы, прысвечаныя карэктуры і рэдактуры тэксту, якія дапамогуць лепш зразумець, як давесці пераклад да публікацыі;
  • дадатковая сустрэча пра культурныя правы і аўтарскае права, прысвечаная асноўным правам перакладчыкаў і юрыдычным аспектам іх працы;
  • магчымасць для пяці найбольш матываваных удзельнікаў працягнуць працу над сваімі перакладамі індывідуальна з ментарамі і ментаркамі. Кожны і кожная з іх змогуць правесці дзве дадатковыя сустрэчы з экспертамі, чые кансультацыі будуць найбольш карыснымі для далейшай працы над тэкстам.

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні – Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца, ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар беларускай літаратуры ў Еўропе. Лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў і перакладаў з англійскай, французскай, польскай і ўкраінскай моў.

Графік і фармат

  • Пачатак прыёму заявак: 1 верасня 2026 года.
  • Дэдлайн падачы заявак: 1 кастрычніка 2026 года.
  • Старт заняткаў: 15 кастрычніка 2026 года.
  • Фармат: анлайн-сустрэчы ў Zoom.
  • Расклад: кожны чацвер з 18:00 да 20:00 беларускага часу (альбо да заканчэння працы над апошнім перакладам 🙂
  • Колькасць заняткаў: 11 сустрэч з вядоўцам Перакладчыцкай майстэрні і 3 дадатковыя сустрэчы, прысвечаныя карэктуры, рэдактуры, культурным правам і аўтарскаму праву.

Што вас чакае ў праграме?

Асноўны фокус майстэрні – практычная праца: пераклад на беларускую мову, абмеркаванне, рэдагаванне і дапрацоўка тэкстаў да прафесійнага ўзроўню пад кіраўніцтвам дасведчаных спецыялістаў.

Гэта магчымасць уважліва папрацаваць са сваім тэкстам, атрымаць змястоўную зваротную сувязь, навучыцца бачыць пераклад рэдактарскімі вачыма і стаць часткай перакладчыцкай супольнасці.

Як падаць заяўку?

  • запоўніце форму заяўкі;
  • далучыце зроблены вамі пераклад аднаго або некалькіх фрагментаў разам з арыгіналам – у выглядзе табліцы;
  • падрабязна апішыце сваю матывацыю;
  • падайце заяўку да 1 кастрычніка ўключна.

Колькасць месцаў абмежаваная. Вынікі адбору будуць паведамлены кожнаму і кожнай індывідуальна пасля 5 кастрычніка 2026 г.

Звяртаем увагу, што Беларускі ПЭН абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем»,  сацсеткі Андрэя Хадановіча абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – калі ласка, будзьце асцярожныя, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі.
Вашая бяспека з’яўляецца нашым прыярытэтам, удзел у Перакладчыцкай майстэрні магчымы ў зашыфраваным выглядзе: вы можаце карыстацца псеўданімамі, а таксама працаваць без уключанай камеры.

Scroll to top