Што такое ацэначная сетка праектных прапаноў праграмы Belarus Beehive, і чаму заяўнікам важна яе ведаць
![](https://learn4belarus.online/wp-content/uploads/2024/08/photo_2024-08-15_15-27-41-1024x862.jpg)
Cтартаваў новы конкурс праектных прапаноў праграмы Belarus Beehive 2.0. Ці патрапіць вашая прапанова ў адборачны камітэт, вырашаецца на этапе разгляду праекта па ацэначнай сетцы. Разбіраемся, на што звяртаюць увагу ацэншчыкі і як атрымаць вышэйшы бал па лотах 2 і 3 Belarus Beehive 2.0.
Ацэначная сетка — гэта адзін з самых важных дакументаў у палажэнні, з якім неабходна падрабязна азнаёміцца перад адпраўкай праектнай прапановы.
Гэта неабходна, каб зразумець, паводле якіх крытэраў будзе ацэньвацца ваша праектная прапанова. Менавіта паводле гэтага дакумента незалежныя ацэншчыкі могуць прысудзіць максімальны бал — 100. І калі ваш праект набірае больш за 65 балаў, то ён пераходзіць на наступны этап — ацэнку адборачнага камітэта. Адборачны камітэт галасуе ў парадку змяншэння набраных балаў — ад заявак з найвышэйшымі ацэнкамі да тых, што атрымалі менш. Разглядзім кожны з тэматычных раздзелаў ацэначнай сеткі для лотаў 2 і 3.
Першы раздзел – рэлевантнасць праекта
Наколькі праект скіраваны менавіта на арганізацыйнае развіццё.
Маецца на ўвазе дыягностыка арганізацыйнага патэнцыялу ці аргацэнка. Гэта даволі папулярны ў Еўропе інструмент для разумення патэнцыялу, выяўлення праблем, і перспектыў арганізацыі. Вы можаце падрыхтаваць гэты дакумент самастойна з удзелам знешняга эксперта альбо загадзя да дэдлайну звярнуцца да «Belarus Beehive» (працедура апісана ў восьмым раздзеле Палажэння ).
Дыягностыка — гэта не аудыт і не праверка. Гэта інструмент, бясплатная паслуга для вашай арганізацыі, каб вы маглі звонку паглядзець на сябе і на свае працэсы.
Праект аказвае гэтыя паслугі ў парадку жывой чаргі. Вынікі дыягностыкі дзейнічаюць на працягу 12 месяцаў з моманту яе правядзення
Яе могуць праводзіць вонкавыя кансультанты (не толькі спецыялісты Belarus Beehive). Але ў такім выпадку неабходна напісаць нам пра ваш выпадак. Мы праверым кваліфікацыю кансультанта, каб упэўніцца ў іх адпаведнасці патрабаванням. Можна звярнуцца да грант мэнаджара, каб паглядзець, ці адпавядаюць гэтыя дакументы патрабаванням «Belarus Beehive». У любым выпадку лепш напісаць і задаць пытанні — мы заўсёды рады дапамагчы.
Ці з’яўляецца ваша арганізацыя цэнтрам прыцягнення, і ці запатрабавана яна, як пастаўшчык паслуг? Другі і трэці лоты прызначаныя для больш сталых арганізацый, якія павінны мець досвед і пазнавальнасць у сваім сектары, быць вядомымі сярод іншых сектараў. Гэта мае значэнне, бо тут можна атрымаць 10 балаў, што складае адну дзясятую ад агульнай ацэнкі. Таму ў праектнай прапанове варта адлюстраваць дасягненні і месца вашай арганізацыі ў архітэктуры беларускай грамадзянскай супольнасці. Балы у гэтым раздзеле — пяць памножаныя на два — азначае, што ацэнка павялічваецца ўдвая. Калі мінімальная ацэнка — 4, з павышальным каэфіцыентам 2 яна стане 8. Максімальны бал у гэтым раздзеле — 9 або 7.
Ці накіравана дзейнасць арганізацыі на дэмакратычныя змены менавіта ў Беларусі? Гэта пытанне дае дадатковыя 5 балаў, таму што «Belarus Beehive» хоча мець праектныя прапановы, накіраваныя менавіта на змены ў Беларусі, а не на адаптацыю ў эміграцыі.
Другі раздзел – распрацоўка праекта
Тут ацэншчыкі будуць глядзець на тое, якім чынам абраныя мерапрыемствы дазволяць дасягнуць вынікаў праекту. І ці могуць вынікі прывесці да зменаў, уплыву і дасягнення мэтаў? Гэта пытанне грунтуецца на падыходзе, заснаваным на выніках. Для такой пабудовы праекта мы раім звярнуцца да метадалогіі праектавання “outcomer-based “. (Падыход, заснаваны на зменах). Таксама дапаможа даведнік па мэтанакіраваным планаванні «Логіка-структурны падыход».
Ці з’яўляюцца прапанаваныя мерапрыемствы рэалістычнымі? Тут важна ацаніць, наколькі мерапрыемствы праекту прывядуць да дасягнення вынікаў (output) і зменаў (outcome). Гэта варта дубляваць у дужках для аднастайнасці і яснасці.
Ці ўключае праектная прапанова адпаведныя інструменты для адсочвання прагрэсу і вынікаў праекта? Часта праектныя прапановы недастаткова падрабязна апісваюць маніторынг выканання.
На што звярнуць увагу:
1. Якім чынам будуць замярацца індыкатары.
2. Як дакладна ствараюцца індыкатары для розных вынікаў (output) і зменаў (outcome).
3. Якім чынам вы плануеце збіраць доказы і пацвярджаць дасягненне вынікаў.
Гэта важна як для вас, так і для донара.
Трэці раздзел – падыход да рэалізацыі праекта
Ацэншчыкі будуць звяртаць увагу на рызыкі, якія вы апісалі, і якім чынам вы падыходзіце да прадухілення або мінімізацыі іх наступстваў для кліентаў.
Памылкі, якія сустракаюцца ў гэтым раздзеле:
Апісанне менавіта агульных рызык, якія звязаны з дзейнасцю ўсёй арганізацыі, напрыклад:
• рызыкі прызнання экстрэмізму.
• праблемы, звязаныя з тым, што супрацоўнікі працуюць у розных краінах.
Такія рызыкі, безумоўна, важныя, але яны не датычацца канкрэтнага праекта.
Таму, лепш больш засяродзіць ўвагу на рызыках, якія могуць пагражаць рэалізацыі вашага праекта, а не арганізацыі ў цэлым.
Пытанне пра скразныя каштоўнасці. Гэты пункт часта не атрымлівае дастатковай колькасці балаў, бо змяшчае толькі дэкларатыўныя тэксты, дзе арганізацыя абяцае, што будзе забяспечваць тыя ці іншыя каштоўнасці, напрыклад, гендэрную роўнасць. Дапамагчы разабрацца ў гэтым пытанні могуць матэрыялы, якія тычацца падыходу, заснаванага на правах чалавека.
Мы не можам дыктаваць, якія каштоўнасці павінны быць адлюстраваныя у праекце. Але яны, як падмурак, ёсць у кожнай арганізацыі і мусяць адбівацца на ўсіх працэссах і дзейнасці. І гэта павінна быць бачна ў праектнай прапанове.
Напрыклад, калі вы пішаце, што працуеце з каштоўнасцю інклюзіі, то майце на ўвазе, што мы маем дзве ўразлівыя групы, якія не з’яўляюцца тыповымі для іншых краін, акрамя Беларусі: былыя палітзняволеныя і ветэраны вайны ва Украіне. Таксама важная група – беларускія актывісты новай хвалі (якія пачалі сваю дзейнасць пасля 2020г.) – іх варта залучаць інклюзіўна ў дзейнасць па праекту.
Усе гэта не значыць, што трэба дадаць у праект мерапрыемствы для ўразлівых груп. А хутчэй тое, што добра будзе, калі вы пакажаце, як ваша дзейнасць будзе грунтавацца на інклюзіўным падыходзе.
Чацверты раздзел – гэта фінансавыя і аперацыйныя магчымасці заяўнікаў
Тут ацэншчыкі будуць глядзець, які патэнцыял мае вашая арганізацыя, кааліцыя. То бок навыкі, вопыт і адпаведныя арганізацыйныя структуры для таго, каб рэалізаваць праект. Праз гэтыя 15 балаў донар правярае, наколькі арганізацыя здатная выканаць праект у тых заяўленых умовах і паказчыках.
Ці маюць заяўнікі дастатковы ўнутраны кіраўнічы патэнцыял (у тым ліку персанал, абсталяванне і здольнасць распарадзіцца бюджэтам праекта)? Бывае, што праект проста немагчыма рэалізаваць, таму што не хапае спецыялістаў, ці структуры. Важна каб, кваліфікацыя каманды мела патэнцыял для запланаваных зменаў. Часта заяўнікі ставяць на пазіцыі супрацоўнікаў арганізацыі, якія не валодаюць патрэбнай экспертызай – гэта памяньшае балы. Раім звяртацца да знешніх экспертаў і кансультантаў. Для арганізацыйнага развіцця патрэбны знешнія веды і інтэрвенцыя.
Ці ёсць у заяўнікаў дастатковы ўласны досвед кіравання праектамі? Тут не абавязкова пісаць толькі пра грантавыя крыніцы. Калі вы кіравалі сродкамі краўдфандынгу, ці сродкам іад міцэнатаў – таксама ўлічваецца. Чым больш досведу, тым больш балаў.
Ці мае заяўнік стабільныя, дыверсіфікаваныя і дастатковыя крыніцы фінансавання?
Тут маюць значэнне стабільнасць і пастаяннасць крыніц фінансавання. Калі арганізацыя доўгі час не мае фінансавання, то ўзнікаюць пытанні наколькі яна здольная цяпер рэалізаваць праект.
Пяты раздзел — устойлівасць вынікаў праекта i распаўсюд добрых практык
Ацэншчыкі будуць звяртаць увагу на ўстойлівасць вашых прадуктаў і зменаў, якія дасягнула ваша арганізацыя дзякуючы арганізацыйнаму развіццю, ці будуць яны дзейнічаць і прыносіць карысць вашай арганізацыі і вашым групам пасля заканчэння праекта.
Наколькі тое, што ў вас атрымалася добра ў вашым праекце, будзе мультыплікавацца на іншых зацікаўленых бакоў, іншых калег, каляжанак у сектары, іншых арганізацыях? Метады, як мультыплікаваць і забяспечыць устойлівасць, таксама павінны быць ясна прадстаўлены. Каб не было, як у знаёмай фразе: “Скончыўся праект — скончылася ідэя”.
Пасля атрымання рэсурсаў, вы можаце ўсталяваць сістэму, якая будзе падтрымліваць устойлівую рэалізацыю праекта і далей.
Шосты раздзел — гэта бюджэт і эканамічная эфектыўнасць праекта
Тут будуць ацэньваць і разглядаць, наколькі ваш бюджэт карэктны і суадносіцца з тымі мерапрыемствамі і выдаткамі, якія панясе ваша арганізацыя, атрымаўшы сродкі. Пра асноўныя памылкі ў складанні бюджэта можна прачытаць тут. Калі ў вас з’яўляюцца пытанні можна задаць іх ў форме. Мэнэджары адказваюць на працягу аднаго працоўнага дня. Мы робім усё, каб забяспечыць вам неабходную падтрымку для паспяховага ўдзелу ў конкурсе!