Перакладчыцкая майстэрня адкрывае цынамонавы сезон!
Беларускі ПЭН абвяшчае набор на новы, цынамонавы сезон Перакладчыцкай майстэрні. Прыём заявак пачнецца 1 верасня 2026 года, а ўжо ў кастрычніку ўдзельнікі і ўдзельніцы сустрэнуцца на першых занятках.
Перакладчыцкая майстэрня застаецца прасторай для прафесійнага росту, творчага эксперыменту і ўважлівай працы з тэкстам. Мы запрашаем як новых удзельнікаў, так і выпускнікоў папярэдніх сезонаў – каб паглыбіць досвед, удасканаліць пераклады і разам рухацца далей.
Што чакае перакладчыкаў у гэтым сезоне?
У праграму цынамонавага сезона ўвойдуць:
- 11 сустрэч з разборам перакладаў на беларускую мову, зробленых удзельнікамі;
- дзве сустрэчы, прысвечаныя карэктуры і рэдактуры тэксту, якія дапамогуць лепш зразумець, як давесці пераклад да публікацыі;
- дадатковая сустрэча пра культурныя правы і аўтарскае права, прысвечаная асноўным правам перакладчыкаў і юрыдычным аспектам іх працы;
- магчымасць для пяці найбольш матываваных удзельнікаў працягнуць працу над сваімі перакладамі індывідуальна з ментарамі і ментаркамі. Кожны і кожная з іх змогуць правесці дзве дадатковыя сустрэчы з экспертамі, чые кансультацыі будуць найбольш карыснымі для далейшай працы над тэкстам.
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні – Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца, ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар беларускай літаратуры ў Еўропе. Лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў і перакладаў з англійскай, французскай, польскай і ўкраінскай моў.
Графік і фармат
- Пачатак прыёму заявак: 1 верасня 2026 года.
- Дэдлайн падачы заявак: 1 кастрычніка 2026 года.
- Старт заняткаў: 15 кастрычніка 2026 года.
- Фармат: анлайн-сустрэчы ў Zoom.
- Расклад: кожны чацвер з 18:00 да 20:00 беларускага часу (альбо да заканчэння працы над апошнім перакладам 🙂
- Колькасць заняткаў: 11 сустрэч з вядоўцам Перакладчыцкай майстэрні і 3 дадатковыя сустрэчы, прысвечаныя карэктуры, рэдактуры, культурным правам і аўтарскаму праву.
Што вас чакае ў праграме?
Асноўны фокус майстэрні – практычная праца: пераклад на беларускую мову, абмеркаванне, рэдагаванне і дапрацоўка тэкстаў да прафесійнага ўзроўню пад кіраўніцтвам дасведчаных спецыялістаў.
Гэта магчымасць уважліва папрацаваць са сваім тэкстам, атрымаць змястоўную зваротную сувязь, навучыцца бачыць пераклад рэдактарскімі вачыма і стаць часткай перакладчыцкай супольнасці.
Як падаць заяўку?
- запоўніце форму заяўкі;
- далучыце зроблены вамі пераклад аднаго або некалькіх фрагментаў разам з арыгіналам – у выглядзе табліцы;
- падрабязна апішыце сваю матывацыю;
- падайце заяўку да 1 кастрычніка ўключна.
Колькасць месцаў абмежаваная. Вынікі адбору будуць паведамлены кожнаму і кожнай індывідуальна пасля 5 кастрычніка 2026 г.
Звяртаем увагу, што Беларускі ПЭН абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», сацсеткі Андрэя Хадановіча абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – калі ласка, будзьце асцярожныя, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі.
Вашая бяспека з’яўляецца нашым прыярытэтам, удзел у Перакладчыцкай майстэрні магчымы ў зашыфраваным выглядзе: вы можаце карыстацца псеўданімамі, а таксама працаваць без уключанай камеры.

